ШУМАВО́Е ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
празмернае павышэнне ўзроўню акустычнага шуму; адна з форм фізічнага забруджвання навакольнага асяроддзя. Асн. крыніцы Ш.з.: транспарт, вытв. і быт. машыны, механізмы і інш.
Прыродны шумавы фон (шум лісця, дажджу) звычайна не перавышае 15—20 дБ і з’яўляецца аптымальным для псіхафіз. стану чалавека і цеплакроўных жывёл. Шумавы фон у сучасным горадзе дасягнуў узроўню прамысл. шумаў. У выніку Ш.з. прыгнечваецца ўмоўна-рэфлекторная дзейнасць і рост жывёл. Яны трацяць здольнасць да размнажэння, зніжаюцца надоі, яйцаноскасць і інш. Пастаянны шум — адзін з фактараў хвароб і заўчаснай гібелі раслін у горадзе.
З мэтай зніжэння Ш.з. ствараюцца сан.-ахоўныя зоны вакол прамысл. прадпрыемстваў, трансп. магістралі і аэрапорты выносяцца па-за межы нас. пунктаў, уздоўж магістралей устанаўліваюць шумапаглынальныя экраны, ствараюць жывыя агароджы і інш.
т. 17, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)